11-класнікі зноў будуць вучыцца па раздрукоўках замест падручнікаў

Па матэматыцы, інфарматыцы і замежных мовах — адзін падручнік на дваіх, але бясплатна Школы вярнуліся да адзінаццацігодкі год таму, але, як даведалася Еўрарадыё, і сёлета збіраюцца вучыць па некаторых “дванаццацігадовых” падручніках. Асаблівыя нязручнасці чакаюць вучняў так званых “штрых”-класаў. Паводле слоў Генадзя Пальчыка, дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі, гэтым вучням прыйдзецца часта мець адзін падручнік на дваіх.

Генадзь Пальчык: “Самы праблемны клас — гэта “штрых”-клас, які сёлета яшчэ будзе. 24 “пазіцыі”кніг ужо для яго надрукаваныя з улікам таго, што гэта адзінаццацігодка. Але некалькі прадметаў, напрыклад, інфарматыка, яшчэ будзе ісці на “камплект-клас”. То бок не кожнаму вучню будзе выдавацца падручнік, а пэўная колькасць на клас. Але, дарэчы, кошт гэтых падручнікаў не ўваходзіць у тую суму, якую бацькі плацяць за падручнікі”.

Цяпер адзінаццацікласнікі-“штрыхі” мусяць прайсці за год дзве праграмы — за 11 і 12 клас. Таму настаўнікі папярэджваюць вучняў, што тыя будуць вучыцца па двух падручніках.

Зміцер, вучань “штрых”-класа:
“Адзінаццатыя класы, якія на год за мяне старэйшыя, так вучыліся: праходзілі два гады за год. Спачатку вучыліся па адным падручнікам, потым па іншым: за 11 і за 12 класы. Нашыя настаўнікі нам ужо сказалі, што і мы будзем так вучыцца: па двух падручніках”.

Яшчэ адзін метад вучобы, які чакае ахвяраў “дванаццацігодкі” — вучоба па раздрукоўках з інтэрнэту. Бо не ўсе тэмы ёсць у падручніках, нават калі іх два на год.

Генадзь Пальчык: “Там, дзе ёсць неадпаведнасць — гэта па некалькі параграфаў у класе, мы даем такое дапаўненне. Мы гэтыя параграфы публікуем на сайце, каб настаўнік змог атрымаць інфармацыю, і дзеці. То бок гэта не спампоўванне падручніка, якое займала вялікія аб’ёмы, і час, і грошы. А проста параграфы, якія неабходныя для засваення праграмы “штрых”-класаў”.

З аднаго боку, гэта можна разглядаць як падрыхтоўку да вучобы ў ВНУ, дзе трэба карыстацца дадатковымі матэрыяламі. З іншага — гэтыя дадатковыя матэрыялы даюць праграмныя, а не паглыбленыя, веды. Бо паглыбленыя пытанні выкраслілі з вучэбных планаў.

Генадзь Пальчык: “Тыя падручнікі, якія былі для “дванаццацігодкі”, мелі запас на павышаны ўзровень вывучэння. А цяпер павышанага ўзроўню адукацыі ў планах няма. І вось гэтыя “залішнія” матэрыялы выкарыстоўваюцца для факультатыўных заняткаў для жадаючых”. 

Вучні ўжо ведаюць пра будучыя праблемы, бо ў мінулым годзе адчулі, што такое вяртанне да адзінаццацігодкі.

Вучаніца: “Вялікая праблема з падручнікамі была, прыходзілася даваць падручнік то аднаму класу, то іншаму, пастаянна пераскокваць са старонкі на старонку, бо параграфы раскіданыя. Некаторых падручнікаў проста не было, напрыклад, па літаратуры. Нешта набывалі самі”.

Вучаніца:
“У нас большасць матэрыялаў былі раздрукаваныя, мы ўвесь час хадзілі з паперкамі. Ці раздрукоўвалі, ці ксеракапіравалі падручнікі”.

Аднак Генадзь Пальчык упэўнены, што сёлета ў школах не будзе такога напружання, як у мінулым годзе. Ларыса Мінько, дырэктар выдавецтва “Народная асвета”, распавяла Еўрарадыё, якія падручнікі выпусціла іх выдаецтва поўным тыражом. Праўда, не ўдакладніла, для якіх класаў.

Ларыса Мінько: “У нас выдадзена да 2009/2010 вучэбнага году для агульнаадукацыйных устаноў 39 найменняў падручнікаў і дапаможнікаў. Гэта матэматыка, інфарматыка, фізіка, біялогія, астраномія, гісторыя, геаграфія і курс чалавек і свет. Гэта падручнікі ўжо для “адзінаццацігодкі”.

Як бачым, падручнікаў замежнай мовы ці інфарматыкі пакуль не выйшлі. З матэматыкай дзіўная сітуацыя: Ларыса Мінько кажа, што падручнік для адзінаццатага класа ёсць. А Генадзь Пальчык — што вучыцца давядзецца па двух.

Генадзь Пальчык: “У адзінаццатым “штрых”-класе першае паўгоддзе, напрыклад, матэматыкі, будзе ісці па адным падручніку, а другое па іншым”.

Нават чыноўнікі заблыталіся ў падручніках!

Фота — www.flickr.com