11:21 Выйшлі на волю маладафронтаўцы Зміцер Хведарук і Алег Корбан

Трое сутак Зміцер Хведарук і Алег Корбан правялі ў следчым ізалятары КДБ і зараз выпушчаныя пад падпіску пра нявыезд. Трое сутак яны правялі ў следчым ізалятары КДБ і зараз выпушчаныя пад падпіску пра нявыезд.

Хлопцы праходзяць падазронымі па крымінальнай справе, распачатай па арт. 193 ч.1 — «дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі».

Іх затрымалі ў Мінску 4 лютага. Вось што распавядае Зміцер Хведарук пра допыты і ўмовы ўтрымання ў следчым ізалятары:

«Мяне прывезлі ў новы будынак КДБ на вуліцы Казлова, 6. Там была невялікая размова, у мяне бралі тлумачэнні, чаму я знаходзіўся ў той момант у той кватэры.

Пасля паілі кавай і хацелі больш па-сяброўску быццам да мяне паставіцца. Прасілі напісаць заяву, што я выходжу з «Маладога фронту», распавесці хто ў нас на якіх пасадах, і чым займаецца.

Недзе ў гадзіну ночы мяне ўжо павезлі ў следчы ізалятар КДБ, дзе распранулі цалкам. Тры дні я там сядзеў зусім без нічога. У камеры быў ложак, кубак для вады, дзве талеркі».

У такіх жа ўмовах утрымлівалі і Алега Корбана, які знаходзіўся ў суседняй камеры. Паводле словаў Змітра Хведарука, усе трое сутак ён трымаў у адзіночнай камеры пост-галадоўку.