11:51 Ломаць знайшоў растратчыкаў у тэатры оперы і балету

Дырэкцыя будаўніцтва і рэканструкцыі Вялікага тэатра оперы і балету Беларусі дапусціла сур’ёзныя фінансавыя парушэнні. Пра гэта “Агенцтва фінансавых навінаў” паведамляе са спасылкай на старшыню камітэта Дзяржкантролю Зянона Ломаця.

"Толькі дзякуючы ўмяшальніцтву Дзяржкантролю атрымалася ашчадзіць 260 тысяч еўра на тэндэры па закупцы сцэнічнага абсталявання", — заявіў спадар Ломаць на паседжанні Прэзідыўму Савета Міністраў у Мінску.


Акрамя таго, па яго словах, "на адных толькі дзвярах адмыта 300 тысяч долараў". Кіраўнік КДК растлумачыў, што ў тэндэры на закупку дзвярэй перамагла "падстаўная" фірма, што ўвогуле не займаецца вытворчасцю.


"2 мільярды рублёў пералічаныя па перадаплаце, а да ўсталявання дзвярэй яшчэ вох як далёка", — заявіў Зянон Ломаць, дадаўшы, што гэтыя сродкі фірма адразу жа перавяла на дэпазітны рахунак у “Прыёрбанку”.