11:59 Максім Мірны страціў лідэрства ў рэйтынгу парных гульцоў

Максім Мірны пакінуў першы радок сусветнага рэйтынгу тэнісістаў, якія выступаюць у парным разрадзе.
У рэйтынгу, што распаўсюдзіла Асацыяцыя тэнісістаў-прафесіяналаў, беларускі спартоўца займае трэцяе месца пасля амерыканскіх братоў-блізнят Боба і Майка Браянаў.

Мірны ўзначальваў парны рэйтынг з 29 студзеня на працягу 11 тыдняў. Дагэтуль тэнісіст быў найлепшым парным гульцом свету з 9 чэрвеня да 7 верасня 2003 года (13 тыдняў).

У рэйтынгу гульцоў, якія выступаюць у адзіночным разрадзе, Мірны застаўся на 54-м месцы, у чэмпіёнскай гонцы-2007 — апусціўся з 73-й на 77-ю пазіцыю.

У панядзелак Мірны стартаваў у турніры серыі "Мастэрс" у Монтэ-Карла. У першым крузе адзіночнага разраду з лікам 7:5, 6:4 ён перамог кіпрыёта Маркаса Багдаціса, які "пасеяны" пад 14-м нумарам і займае 18-е месца ў сусветным рэйтынгу.