13-я Рок-каранацыя будзе, але з новай канцэпцыяй

З ініцыятывы найбуйнешага парталу tut.by 12 сакавіка ў Мінску прайшоў круглы стол, удзельнікі якога спрабавалі вызначыцца, што ж такое “Рок-каранацыя” сёння. Да ўдзелу ў абмеркаванні былі запрошаныя арганізатары, сябры журы і пераможцы "Рок-каранацыі-2007".

На жаль, усе запрошаныя прыйсці не здолелі, а таму праблемы Рок-каранацыі абмяркоўвалі Аляксандр Кулінковіч (рок-кароль), Вольга Самусік (рок-князёўна), Алег Хаменка (лідэр гурта "Палац" і вядучы радыё-версіі "Тузіна гітоў"), Юры Цыбін (заснавальнік прэміі), Святлана Гур’ева (прадстаўнік “Клас Клуб Інтэртэймэнта” - суарганізатара цырымоніі) і Максім Жбанкоў (крытык).

Пачалася размова з таго, што ўсе дзякавалі адзін аднаму за мінулую Рок-каранацыю. Маўляў, усё было вельмі добра, усё атрымалася найлепшым чынам.

Аляксандр Кулінковіч, напрыклад, прызнаў, што ён упершыню не меў праблемаў з аховай, якая раней адмаўлялася яго пускаць без бэйджа.

Але прыемны для ўсіх лад размовы змяніў абураны гэтым самым ладам Максім Жбанкоў. І толькі пасля гэтага пачалося прадметнае абмеркаванне праблемаў, якіх багата выявілася вакол сёлетняй Рок-каранацыі.

Арганізатары прызналіся, што каранацыя не мае канцэпцыі, дакладней першапачатковая канцэпцыя састарэла, але не вырашана, як яе змяніць; існаванне намінацый, якія вызначаюцца без удзелу журы, не зусім правільнае.

Шмат пытанняў выклікае намінацыя "Рок-князёўна", якую вызначаюць “як-небудзь”, але ў  беларускай рок-музыцы цяпер шмат дзявочых гуртоў і ёсць канкурэнцыя.

Асноўнай прычынай праблемаў “Рок-каранацыі” прызналі яе безальтэрнатыўнасць. Маўляў, калі б гэтай прэміі была хоць якая альтэрнатыва, то яна б развівалася значна больш інтэнсіўна.

Аднак нават агучванне праблемаў не прывяло да прыняцця хаця б якіх канструктыўных рашэнняў.

Арганізатары расказалі, што ў далейшых планах каранацыі — даваць штуршок развіццю гуртоў і ўплываць на продаж іх альбомаў. Але для гэтага яшчэ трэба шмат чаго рабіць.

Нагадаем, адразу пасля цырымоніі “Рок-каранацыя 2007” заснавальнік прэміі заявіў, што ў наступным годзе імпрэза адбудзецца ў Оперным тэатры.

Але пакуль невядома, ці будуць знятыя праблемна-скандальныя пытанні, якія штогод паўстаюць падчас падрыхтоўкі арганізацыі.

Поўны тэкст пасяджэння круглага стала з'явіцца ў хуткім часе на нашым сайце.