130 школьнікаў знаходзяцца на "карантыне" пасля замежнага адпачынку

Каля 130 школьнікаў, якія адпачывалі ў еўрапейскіх краінах, знаходзяцца на хатнім "карантыне" і не пайшлі сёння ў школу. Пра гэта агенцтву "Інтэрфакс" паведаміла галоўны эпідэміёлаг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Іна Карабан. Па яе словах, гэта школьнікі, якія вярнуліся ў Беларусь з адпачынку 28 жніўня. Дзеці адпачывалі ў Нямеччыне, Італіі. Вялікабрытаніі. Яны будуць знаходзіцца на так званым хатнім карантыне 7 сутак, пасля чаго пойдуць у школу.

Іна Карабан таксама ўдакладніла, што яшчэ не вярнуліся з аздараўлення ў еўрапейскіх краінах каля 200 беларускіх школьнікаў. 1 верасня з Італіі павінна вярнуцца група з 56 чалавек, 2-га — яшчэ група з 100 чалавек. Усе яны на 7 сутак трапяць у хатні карантын і не будуць наведваць школу. Гэтая мера — засцярога ад распаўсюду "свінога" грыпу.

Дарэчы, у Беларусі грып А/H1N1, так званы "свіны", лабараторна быў пацверджаны ў 6 чалавек.