13:18 У Беларусі 127 наркаманаў на 100 тысяч чалавек

Узровень наркатызацыі насельніцтва ў Беларусі за апошнія 10 гадоў павялічыўся ў тры разы і ў мінулым годзе склаў 127 чалавек на 100 тысяч. Пра гэта заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў Аляксандр Шчурко. Пры гэтым ён адзначыў, што ва Украіне ўзровень наркатызацыі складае больш за 280 чалавек на сто тысяч, у Расіі — больш за 250 чалавек.

Шчурко падкрэсліў, што за два гады на тэрыторыі Беларусі ліквідавалі восем падпольных лабараторый па вырабе наркотыкаў, з іх тры — у 2007 годзе.

Ён таксама адзначыў, што за апошнія пяць гадоў аб'ём канфіскаваных у Беларусі антыдэпрэсантаў узрос у 577 разоў, метадону — у 136 разоў, амфетамінаў — у 22 разы, гераіну — у тры разы.