13:41 Асуджаны дырэктар рыбгаса, які збіў дубінкай рыбакоў

Мінскі абласны суд, у адказ на касацыйную скаргу, пакінуў без зменаў прыгавор суда Маладзечанскага раёна, у дачыненні дырэктара рыбгаса “Грыцава” Дзмітрыя Бягуна. Як стала вядома, дырэктар, узброіўшыся гумавай дубінкай, перыядычна абыходзіў давераную яму гаспадарку, пільнуючы яе такім чынам ад браканьераў. 28 жніўня 2006 года Дзмітры Бягун заспеў ля сажалак траіх рыбакоў, якія выпадкова зайшлі на тэрыторыю рыбгаса і не ведалі, што на гэтых вадаёмах лавіць нельга.

Ніякіх папераджальных знакаў на беразе не стаіць. Пацярпелыя нават не паспелі злавіць ніводнай рыбы. Бягун жорстка збіў рыбакоў дубінкай, забраў вуды, спусціў колы ў іх машыны, з багажніка выкраў дамкрат, інструменты, іншыя аўтамабільныя прыстасаванні.

Да ўсяго дырэктару паставілі ў віну пагрозы сведкам, у якасці якіх выступалі яго падначаленыя, ілжывыя паказанні, прымушэнне і падбухторванне сведкаў маніць на допытах. У выніку ён асуджаны на 4 гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Зміцер Панямонаў, Еўрарадыё, Маладзечна