14:45 Дата з'яўлення на беларускіх таксі жоўтых нумароў пакуль не вызначана

Дата, з якой на машынах таксі павінны быць у абавязковым парадку ўстаноўленыя новыя рэгістрацыйныя знакі, пакуль дакладна не вызначана. Пра гэта паведамілі ва ўпраўленні Дзяржаўтаінспекцыі Беларусі. У адпаведнасці са зменамі транспартныя сродкі катэгорый М1 і М2, што выкарыстоўваюцца для перавозкі пасажыраў, апрача таксометра, распазнавальнага знака "Таксі" і спецыяльнай расфарбоўкі павінны мець спецыяльныя нумары.

Гэтыя змены ў дзяржстандарт ўнесены па ініцыятыве МУС з мэтай больш эфектыўнага выкаранення дзейнасці нелегальных пасажырскіх аўтаперавозчыкаў. У Дзяржаўтаінспекцыі зазначылі, што змяненні, як мяркуецца, будуць афіцыйна апублікаваныя ў пачатку красавіка і з гэтага часу, згодна з тлумачэннямі Дзяржстандарта, яны могуць прымяняцца.

Цяпер рэгістрацыйныя знакі ўжо падрыхтаваныя. Яны маюць жоўты фон і чорныя сімвалы. Першая лічба знака будзе азначаць код вобласці і горада Мінска (ад 1 да 7). Затым ідуць тры літары "ТАХ" і далей чатырохзначны нумар. УДАІ інфармуе, што выдача новых рэгістрацыйных знакаў прадугледжвае замену пасведчання аб рэгістрацыі з указаннем у ім асобных адзнакаў спецыяльнага знака. Яго кошт складзе 31.000 рублёў, замена пасведчання аб рэгістрацыі - 15.500 рублёў.

Для таго каб не уносіць змяненні ў іншыя дакументы (ліцэнзіі, страхавое пасведчанне і г.д.) спецыяльныя рэгістрацыйныя знакі будуць выдавацца ў дадатак да існуючых рэгістрацыйных знакаў, як дублікат. Дзяржаўтаінспекцыя таксама папярэджвае, што без спецыяльнага рэгістрацыйнага знака нельга будзе атрымаць ліцэнзійную картку ў Міністэрстве транспарту і камунікацый Беларусі.