14:57 Адразу два скандалы адбыліся ў Маладзечанскім Палацы культуры

Яны мелі месца напярэдадні канцэрта, які дае тут расейскі выканавец Валеры Леонцьеў 15 лютага.
Першы звязаны з колькасцю танных квіткоў на канцэрт, якія патрапілі ў білетныя кассы Палаца. Кошт квіткоў на канцэрт Леонцьева ў Маладзечна вагаецца ад 40 да 90 тысяч рублёў.

Улічваючы невялікія заробкі людзей, няма нічога дзіўнага ў тым, што большасць аматараў творчасці расейскага выканаўцы разлічвалі патрапіць на канцэрт па танных квітках. Але коштам у 40 тысяч іх у касы паступіла толькі два з 50-ці.

Як стала вядома, яшчэ да пачатку продажы ў касах танныя квіткі раскупілі для сябе і сваіх знаёмых супрацоўнікі Палаца і райвыканкама.

Другі скандал быў звязаны з чалавекам, які патрабаваў, каб яму прадалі білет на месца, побач з тым, дзе будзе сядзець намеснік старшыні маладзечанскага райвыканкама Яфім Ідэльчык. Як вядома, чыноўнік не прапускае ні воднага канцэрта і заўсёды сядзіць ў першых шэрагах.

Навошта маладзечанец хацеў падчас канцэрту Лявонцьева абавязкова сядзець побач з чыноўнікам высветліць не ўдалося. Але калі яго патрабаванні пачалі пераходзіць у пагрозы ў бок супрацоўнікаў Палаца, пакідаць будынак буяну давялося з дапамогай службы аховы.