15:38 Беларусы будуць па-ранейшаму канваіраваць «калінінградскі» алкаголь

Беларуская мытня будзе працягваць канваіраваць «калінінградскі» алкаголь.
Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенства Regnum са спасылкай на прадстаўніцтва Беларусі ў Калінінградзе.

Нагадаем, учора стала вядома, што наша краіна адмяніла абавязковае канваіраванне расійскіх транзітных грузаў, якія накіроўваюцца па тэрыторыі Беларусі з Калінінградскай вобласці. Як паведамілі ў дзяржаўным мытным камітэце, з расійскім бокам было знойдзена кампраміснае рашэнне, якое дазволіла зняць ранейшыя пытанні.

Зараз беларускія мытнікі займаюцца ўдакладненнем пераліку падакцызных тавараў, якія па-ранейшаму будуць мець абавязковае суправаджэнне. Яно было ўведзена ў пачатку студзеня, каб перашкодзіць незаконнаму паступленню ў краіну замежных тавараў пад выглядам расійскіх.