17-гадовая дзяўчына патанула ў Камсамольскім возеры ў Мінску
Трагедыя здарылася позна ўвечары ў суботу.
Дзяўчына 1997 году нараджэння патанула ў Камсамольскім возеры ў Мінску. Як інфармуе БелаПАН са спасылкай на Мінскае гарадское ўпраўленне МНС, 10 студзеня ў 22.51 на тэлефон “101” паступіла паведамленне пра падзенне траіх чалавек з моста па вуліцы Даўмана каля парку Перамогі.
На месца здарэння накіраваліся тры групы выратавання на водах з розных падраздзяленняў МНС, з розных бакоў у пешым парадку быў абследаваны бераг ад праспекту Машэрава да вуліцы Прагрэсіўнай.
У часе разбіральніцтва высветлілася, што дзяўчына 1997 году нараджэння прагульвалася разам з маладым чалавекам уздоўж набярэжнай возера і па невядомай пакуль прычыне апынулася ў вадзе. Відавочца, хлопец 1996 году нараджэння, спрабаваў выратаваць дзяўчыну самастойна, але яго спробы не далі выніку.
З вады хлопца і дзяўчыну дасталі выратавальнікі. Пасля рэанімацыйных захадаў канстатавалі смерць дзяўчыны, а маладога чалавека шпіталізавалі ў лякарню з дыягназам “агульнае пераахаладжэнне”.