18:08 У Беларусі на 28-29 навучэнцаў прыпадае адзін камп'ютар

Паказчык забяспечанасці камп'ютарнай тэхнікай ва ўстановах адукацыі Беларусі складае ў сярэднім адзін камп'ютар на 28-29 навучэнцаў. Пра гэта паведаміў дырэктар галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Мікалай Лістапад.  Паводле яго слоў, лідэрам па гэтым паказчыку з'яўляецца Мінская вобласць, дзе ў сярэднім на 25 навучэнцаў прыпадае адзін камп'ютар.

Пры гэтым сацыяльны стандарт, што дзейнічае ў краіне, агаворвае лічбу не больш чым 30. Менавіта столькі навучэнцаў прыпадае на адзін школьны камп'ютар, калі ўлічваць толькі сучасную тэхніку.

Як паведаміў Лістапад, на 15 снежня 2006 года 97-98% устаноў адукацыі мелі камп'ютарную тэхніку, якая выкарыстоўваецца пры выкладанні курсу інфарматыкі і іншых прадметаў.

На 100% забяспечаны камп'ютарамі Мінск і Гродзенская вобласць, горш за ўсё (на 92%) — Брэсцкая вобласць. Паводле слоў Лістапада, калі ўлічваць толькі сучасную камп'ютарную тэхніку, дык ёю забяспечаны 93% устаноў адукацыі Беларусі.

Доступ у Інтэрнэт маюць 56% школ, прычым па вылучанай лініі — толькі 6%. Найлепшы ў гэтых адносінах паказчык (98-100% школ) — у сталіцы, з якіх 40% падключаны да Інтэрнэту па вылучанай лініі. Лістапад адзначыў, што яшчэ два гады таму доступ у Інтэрнэт мелі толькі 10-12% школ.