18:51 Зацверджаны сцэнарый святкавання Дня Волі

Аргкамітэт па святкаванні Дня Волі зацвердзіў сцэнарый акцыі. Плануецца, што на мітынгу выступяць старшыні дэмакратычных партый і арганізацый, а таксама экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч. Разам з тым плануецца, што ў акцыі возьмуць удзел беларускія музыкі, будзе прадстаўлена тэатралізаванае выступленне "Батлейкі пана Скіргайлы", акцёра ў вобразе Кастуся Каліноўскага.

Сярод гледачоў плануецца распаўсюджваць друкаваную прадукцыю, стужкі, флажкі і інш. Заяўка на правядзенне святочнага мітынгу 25 сакавіка 2007 года на Кастрычніцкай плошчы Мінска была пададзена ў Мінгарвыканкам каля месяца таму.

Арганізатары лічаць, што афіцыйны адказ будзе атрыманы каля 20 сакавіка. Нагадаем, аргкамітэт Дня Волі запрасіў Аляксандра Лукашэнку ўзяць удзел у святочных мерапрыемствах.

Акрамя таго, Мілінкевіч запрасіў старшыню Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Рэне ван дэр Ліндэна, паведамляе прэс-служба Партыі БНФ.