26-гадовы мінчук абараняў свае правы спажыўца з пісталетам

Міліцыянты пачалі крымінальную справу на 26-гадовага беспрацоўнага мінчука. Нападпітку мужчына паспрабаваў абараніць свае правы спажыўца з дапамогай зброі. Як інфармуе БелаПАН, малады чалавек узяў напракат у салоне камп'ютарныя дыскі, але дома выявіў, што яны не прайграваюцца. Ён вярнуўся да пракатчыкаў ужо з пнеўматычным пісталетам. На скаргі спажыўца прадавец адразу прапанаваў вярнуць грошы. Але гэтага мінчуку здалося мала: ён дастаў пісталет і прыставіў яго да скроні работніка салона, патрабуючы сустрэчы з гаспадаром.

Спалоханы прадавец быў перакананы, што на яго накіраваная баявая зброя. Таму ён затэлефанаваў гаспадару і выклікаў яго ў салон. Гаспадар на пагрозу зрэагаваў хутка — адразу выхапіў пісталет з рук зламысніка. Тым часам прадавец паспеў звярнуцца па дапамогу ў міліцыю. Нападнік спрабаваў уцячы, але яго затрымалі міліцыянты.