4G у абласных гарадах з'явіцца ў снежні, у райцэнтрах — у студзені 2017-га

4G у абласных гарадах з'явіцца ў снежні, у райцэнтрах — у студзені 2017-га

Кампанія beCloud запускае ў камерцыйную эксплуатацыю ва ўсіх рэгіёнах краіны тэхналогію LTE-Advanced, вядомую як 4G. Пра гэта, як інфармуе БЕЛТА, заявіў генеральны дырэктар beCloud Сяргей Паблагуеў.

Ужо ў снежні 2016 года тэхналогія сувязі 4G будзе даступная жыхарам Гомеля, Брэста, Віцебска, Магілёва і Гродна. Са студзеня 2017-га яна пачне працу ў больш як 30 рэгіёнах — Барысаве, Бабруйску, Маладзечне, Баранавічах, Салігорску, Пінску, Кобрыне, Пружанах, Лідзе, Мазыры, Добрушы, Шклове, Оршы, Полацку, Наваполацку, Браславе, Лепелі, Верхнядзвінску ды іншых гарадах. Паведамляецца, што сталічныя і рэгіянальныя LTE-базавыя станцыі будуць працаваць у дыяпазоне 1800 МГц (далей будзе выкарыстоўвацца дыяпазон 2600 МГц).

Да канца 2017 года плануецца, што тэхналогія 4G пачне дзейнічаць у асноўных буйных гарадах. А ў перспектыве 4G можа з'явіцца ва ўсіх райцэнтрах.

У Мінску LTE-Advanced запусцілі ў камерцыйную эксплуатацыю ў снежні 2015 года.