Болей за сотню паліцыянтаў параненыя ў часе беспарадкаў у Гамбургу (відэа)

Нагодай для беспарадкаў сталі планы мясцовых уладаў зачыніць культурны цэнтр Rote Flora з-за пагрозы абвалу. Цэнтр размяшчаецца ў будынку тэатра, пабудаванага яшчэ ў 19 стагоддзі. У апошнія гады ён быў месцам збору сябраў леварадыкальных груповак.



Пасля паведамлення аб закрыцці цэнтра на рэканструкцыю на вуліцы Гамбурга выйшлі, паводле ацэнак паліцыі, каля 7300 пратэстоўцаў, у тым ліку каля 4,5 тысяч леварадыкальных экстрэмістаў. Праваахоўнікі прагназавалі сутыкненні, таму папрасілі падмацавання з суседніх федэральных зямель. У выніку ў Гамбург дадаткова прыбыло каля 2 тысяч паліцыянтаў.


Акцыя пратэсту сапраўды вылілася ў масавыя беспарадкі. У паліцыянтаў паляцелі камяні і бутэлькі з запальнай сумессю, а праваахоўнікі ў адказ прымянілі вадамёты для разгону хуліганаў. Удзельнікі беспарадкаў білі вітрыны крамаў і шкло прыпаркаваных аўтамабіляў. Болей за сотню паліцыянтаў атрымалі раненні, адзін з іх трапіў у лякарню ў непрытомным стане, яшчэ каля 10 часова пайшлі на бальнічны.



Затрымана каля 120 чалавек, перадаюць замежныя інфармагенцтвы.