9 ліпеня пачынаюць прыём дакументаў ВНУ першай плыні
Усе прыёмныя камісіі ўстаноў адукацыі будуць працаваць з панядзелка па суботу з 9:00 да 18:00.
Прыёмныя камісіі ВНУ МНС, МУС, Мінабароны і Дзяржпагранкамітэта будуць працаваць па суботах 13, 20 ліпеня і адну нядзелю — 21 ліпеня. Прыёмныя камісіі ВНУ Мінкультуры — суботы 13, 20, 27 ліпеня, а таксама дзве нядзелі — 14 і 21 (у выпадку правядзення у гэтыя дні ўступных выпрабаванняў па творчасці).
Дакументы ў Акадэмію МУС, Ваенную акадэмію, Камандна-інжынерны інстытут МНС, Гомельскі інжынерны інстытут МНС абітурыенты могуць падаваць з 9 па 15 ліпеня. Тыя, хто вытрымае ўступныя іспыты, але не пройдзе па конкурсе на дзённую бюджэтную форму навучання, маюць права ўдзельнічаць у конкурсе ў гэтае ж ВНУ на завочную і вячэрнюю бюджэтныя формы навучання. Перанакіраваць дакументы можна будзе па 21 ліпеня.
Тыя, хто вытрымае ўступныя іспыты, але не пройдзе па конкурсе на бюджэтную форму навучання, могуць падаць дакументы на платнае аддзяленне па 23 ліпеня.
Акрамя ВНУ сілавых ведамстваў, да ВНУ першай плыні належаць Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі і Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў. Абітурыенты могуць падаць дакументы на дзённую бюджэтную форму навучання ў гэтыя навучальныя ўстановы з 9 па 13 ліпеня. На завочную і вячэрнюю (бюджэт) — па 25 ліпеня. На платныя аддзяленні — па 27 ліпеня.
Фота: www.abiturient.by.