Абаронцы Севастопальскага парку звернуцца ў прадстаўніцтва Еўракамісіі

Жыхары сталічнага мікрараёна Ўсход-2 сабралі каля 3 тысяч подпісаў супраць будаўніцтва аб'ектаў і зносу артэзіянскіх свідравін у Севастопальскім парку Мінску.  Як нагадвае БелаПАН, ужо не першы год ідзе барацьба жыхароў сталічнага мікрараёна Ўсход-2 супраць планаў гарадскіх уладаў па рэканструкцыі Севастопальскага парка. Тут збіраюцца пабудаваць рэстаран, кафэ, саўну, фітнес-цэнтр, паркоўку. Для гэтага давядзецца высечы больш за тысячу дрэваў і закрыць артэзіянскія свідравіны, вадой з якіх забяспечваецца мікрараён.

Парк, паводле генеральнага плану развіцця Мінску, адносіцца да ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны і вадаахоўнай зоны Сляпянскай воднай сістэмы, дзе размешчаныя восем свідравін водазабору "Зялёнаўка".

Жыхарка мікрараёна Валянціна Шалейнікава паведаміла журналістам, што ў яе ёсць копія ліста ад 3 лістапада 2009 года за подпісам галоўнага санітарнага лекара Беларусі Валянціны Качан, што праца сямі свідравін з васьмі прыпыненая. Пры гэтым, па словах Шалейнікавай, да гэтага кіраўніцтва прадпрыемства "Мінскводаканал" пісьмова запэўніла жыхароў, што свідравіны знаходзяцца ў тэхнічна спраўным стане і якасць пітной вады за апошнія пяць гадоў не змянілася.

Жыхары раёна плануюць звярнуцца да кіраўніка прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Мінску Жана-Эрыка Хольцапфеля, бо лічаць, што беларускія ўлады парушаюць дамоўленасці аб супрацоўніцтве з ЕС у галіне аховы навакольнага асяроддзя.

Нагадаем, што па патрабаванні жыхароў улады адмовіліся ад плану будаваць праз парк шасціпалосную дарогу. Рашэнне гэтага пытання адкладзена да 2020 года.