Абмеркаваць пытанне санкцый супраць Беларусі ЕС прапанавала Польшча

Кіраўнікі дыпламатычных ведамстваў краінаў ЕС у суботу абмяркуюць пытанне аб скасаванні санкцый супраць Беларусі. Ініцыятарам дыскусіі выступіла Польшча. Пра гэта ў пятніцу паведаміў у Авіньёне (Францыя) міністр замежных спраў гэтай краіны Радаслаў Сікорскі. "Я мяркую, што мы павінны паскорыць прыняцце гэтага рашэння, бо сітуацыя змяняецца. Палітвязняў больш няма. Гаворка пра тое, каб правесці дыскусію па выпрацоўцы дарожнай карты нармалізацыі адносінаў з Беларуссю", - дадаў ён.

Сікорскі аргументаваў прапанову тым, што ЕС нядаўна зняў санкцыі з Кубы, дзе застаецца амаль 300 палітвязняў, а супраць Беларусі санкцыі захоўвае.

"У параўнанні з Кубай Беларусь, хоць яна яшчэ і далёкая ад нашых стандартаў, мае нашмат свабаднейшы рэжым, у якім можна весці бізнэс, можна падарожнічаць і няма палітычных вязняў", - сказаў Радаслаў Сікорскі.

Нагадаем, Еўрасаюз настойвае, што самым важным тэстам для Беларусі будуць выбары 28 верасня.

Што да санкцый, то яны распаўсюджваюцца на 41 прадстаўніка беларускай адміністрацыі, у тым ліку Аляксандра Лукашэнку. Ім забаронены ўезд у ЕС, замарожаныя іхныя актывы, інфармуе "Наша ніва".

Як мы ўжо паведамлялі, учора Міністэрства фінансаў ЗША зняло на шэсць месяцаў санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў "Лакафарба" і "Шкловалакно".