Ад уцечкі аміяку на бабруйскім мясакамбінаце пацярпелі 7 чалавек

У 21 гадзіну 1 сакавіка на Бабаруйскім мясакамбінаце адбылася аварыя - уцечка аміяку. Як паведаміў Еўрарадыё прэс-сакратар Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі, месцам аварыі стаў будынак аміячнай кампрэсарнай. Пры прыбіранні лёду быў пашкоджаны манометр на трубаправодзе рысівера аміячна-халадзільнай устаноўкі. Адбылася ўцечка 150 кг аміяку.

Навіцкі: Праца прадпрыемства была спыненая, персанал з 15 работнікаў эвакуяваны да прыбыцця выратавальнікаў. Пазней 7 чалавек звярнуліся па дапамогу да медыкаў, у іх інгаляцыйнае атручанне парамі аміяку лёгкай ступені. Яны для назірання былі шпіталізаваныя ва ўстанову аховы здароўя.

Па словах Навіцкага, выратавальнікі ліквідавалі ўцечку праз 2 гадзіны. Ім удалося не дапусціць выхаду газу за межы цэху. 2 сакавіка ў 1.20 мясакамбінат аднавіў сваю працу.