Адлічаную з БДУ маладафронтаўку будуць абараняць Усходнім Партнёрствам?

Кіраўнік федэрацыі прафсаюзаў Леанід Козік, які нядаўна ў Бруселі абяцаў асабіста арганізаваць ў цэнтры Мінску акцыі ў падтрымку Таццяны Шапуцька, з’ехаў у санаторый “Беларусачка” на рамонт аварыі
Першае пасяджэнне аргкамітэта ў абарону адлічанай з БДУ прэс-сакратаркі міжнароднай моладзевай арганізацыі “Малады Фронт” Таццяны Шапуцька прайшло ў пятніцу ў сядзібе БНФ. Вось што паведаміў Еўрарадыё кіраўнік арганізацыі Зміцер Дашкевіч:

“Туды пагадзіліся ўвайсці Мілінкевіч, Паганяйла, Севярынец, Бяляцкі, Іна Кулей, іншыя вядомыя праваабаронцы і грамадскія дзеячы. Таксама Сяргей Мацкевіч, які прысутнічаў на Форуме Ўсходняга партнёрства і з’яўляецца там кіраўніком палітычнай секцыі”.

Па словах Дашкевіча, нагодай для адлічэння Таццяны Шапуцькі з БДУ стаў яе ўдзел у Форуме грамадзянскай супольнасці праграмы “Ўсходняе партнёрства”, які праходзіў 16-17 лістапада ў Бруселі. Тады ж кіраўнік Беларускай федэрацыі прафсаюзаў Леанід Козік, які там таксама прысутнічаў, гучна паабяцаў, што калі Таццяну адлічаць, то ён асабіста арганізуе акцыі ў яе падтрымку ў цэнтры Мінску. Але цяпер, калі адлічэнне адбылося, тэлефон Козіка раптоўна стаў недасягальны, кажа кіраўнік “Маладога Фронту”.

Зміцер Дашкевіч: “Мабільны тэлефон яго недасягальны, немажліва дазваніцца да яго і праз сакратарыят — там не адказваюць. Мы спрабуем да яго дазваніцца і праз сродкі масавай інфармацыі будзем заклікаць яго выканаць слова, дадзенае перад беларускімі і еўрапейскімі палітыкамі, і абараніць Таццяну”.

Еўрарадыё паспрабавала звязацца са старшынём федэрацыі прафсаюзаў, але сакратарка Леаніда Козіка паведаміла, што той з’ехаў у санаторый. Нібыта, на рамонт аварыі.

Сакратарка: “Леанід Пятровіч з’ехаў у санаторый “Беларусачка” на рамонт аварыі. Там у нас аварыя адбылася”.

Праўда, дзіўным чынам адрэагавала на спробу даведацца, што гэта за аварыя.

Сакратарка:
“Ну якая вам розніца якая аварыя?! Няма яго зараз на месцы”.

У адрозненне ад Козіка, прадстаўнікі грамадскіх да праваабарончых арганізацый, палітычных партый не сталі рабіць выгляд, што нічога не здарылася. І хоць слова яны ніякага не давалі, вырашылі дапамагчы Таццяне Шапуцька абараніць яе правы. Як паведаміў Еўрарадыё юрыст Беларускага Хельсінкскага камітэта Гары Паганяйла, яна атрымае як юрыдычную, так і грамадскую падтрымку.

Гары Паганяйла: “Перш за ўсё, БХК акажа практычную юрыдычную падтрымку ў абскарджванні адлічэння са складу студэнтаў БДУ гэтай дзяўчыны. Спачатку мы абскардзім гэта ў Міністэрстве адукацыі, накіруем ліст асабіста міністру. Калі ж наш зварот не будзе реалізаваны, то звернемся ў суд”.

Апроч таго, кажа ён, сябры аргкамітэта падпішуць зварот да ўрадаў еўрапейскіх краін краін і ў міжнародныя арганізацыі з тым, каб яны звярнуліся да кіраўніцтва нашай краіны з патрабаваннем не парушаць правы чалавека і аднавіць Таццяну ў БДУ. Будуць арганізаваныя і інфармацыйныя кампаніі сярод грамадзян нашай краіны па фактах парушэння правоў студэнтаў.

Паводле меркавання Гары Паганяйла, кіраўніцтва БДУ і юрыдычнага факультэта парушыла прыдуманыя імі самімі інструкцыі. Таццяна Шапуцька і не павінна была атрымліваць дазвол у дэканаце на сваю паездку ў Брусэль, кажа ён.

Гары Паганяйла:
“Калі ўважліва вывучыць гэтую інструкцыю, то бачна, што яна не распаўсюджваецца на выпадкі выезду за мяжу па запрашэнні, напрыклад,  палітычных лідэраў Еўропы, партый і гэтак далей. Размова ідзе пра паездкі, якія арганізуюцца арганізацыямі альбо прыватнымі прадпрымальнікамі знутры краіны”.

Па словах Змітра Дашкевіча, за сітуацыяй з Таццянай Шапуцька асабіста сочыць Беніта Ферэра-Вальднэр і міністры замежных справаў Еўрасаюзу. Таму ён спадзяецца, што Таццяну ўдасца аднавіць у БДУ.


Глядзі таксама: Леанід Козік пракаментаваў адлічэнне Таццяны Шапуцькі


Фота: Радыё "Свабода"