Адмененае авіяшоў, што мусіла прайсці на т. зв. "Лініі Сталіна"

Першае беларускае нацыянальнае авіяшоў "Мінск Аэра 2008", што мусіла адбыцца 3-6 ліпеня на так званай "Лініі Сталіна", адмененае. Замест яго там пройдзе ваенна-спартыўнае свята. Пра гэта паведаміў дырэктар дабрачыннага фонда "Памяць Афгану" Аляксандр Мятла. Паводле яго словаў, фонд, які ад пачатку выступаў адным з арганізатараў шоў, спыніў свае кантакты з ЗАТ "СолМедиаГран". Мятла сцвярджае, што гэтая фірма выпусціла 250 тысяч квіткоў і планавала адначасовае знаходжанне на шоў 80 тысяч чалавек, у той час, калі рэальна там могуць змясціцца толькі 10 тысяч.

Акрамя таго, высветлілася, што на тэрыторыі комплекса адсутнічаюць умовы для запланаваных палётаў паветраных шароў. Праблемы ўзніклі таксама з удзельнікамі і вядучымі шоў.

"Няма праграмы, якую мы рэкламавалі на працягу некалькіх месяцаў", - падвёў вынік у інтэрв'ю БЕЛТА кіраўнік "Памяці Афгана".