Адменены бой баксёраў-суперцяжкавагавікоў Чагаева і Валуева

Адменены бой за тытул чэмпіёна свету па боксе ў суперцяжкай вазе па версіі Сусветнай баксёрскай асацыяцыі з удзелам цяперашняга чэмпіёна Руслана Чагаева з Узбекістана і расіяніна Мікалая Валуева.  Прычына - траўма Чагаева, якую ён атрымаў падчас учорашняга спарынгу, паведамляе Regions.ru. Стала вядома, што ў баксёра пашкоджанае ахілесава сухажылле на левай назе. Яму спатрэбіцца аперацыя, якая запланаваная на панядзелак. Тым не менш, чэмпіён збіраецца да канца года вярнуцца на рынг.

Нагадаем, паядынак Чагаеў - Валуеў мусіў адбыцца 5 ліпеня ў Нямеччыне. Раней гэты бой быў запланаваны на канец траўня, але і тады быў адкладзены з-за хваробы Чагаева. У красавіку 2007-га Валуеў па ачках прайграў паядынак за званне чэмпіёна свету ўзбекскаму баксёру, гэта была першая параза ў ягонай кар'еры.

Адзначым, што расійскі баксёр заваяваў права на матч-рэванш пасля пераканаўчай перамогі над беларусам Сяргеем Ляховічам.