Адміністрацыя "Мінск-Арэны" патлумачыла, чаму забіралі ўкраінскія сцягі

Адміністрацыя "Мінск-Арэны" пракаментавала сітуацыю з канфіскацыяй ўкраінскіх сцягоў падчас канцэрта ўкраінскага рок-гурта "Океан Ельзи". Канцэрт прайшоў ўвечары 21 лістапада і супаў з угодкамі падзей на Майдане ў Кіеве, якія адзначаліся ва Украіне. Некаторыя прыхільнікі гурта неслі на канцэрт дзяржаўныя сцягі і іншую сімволіку Украіны, якую яшчэ на ўваходзе ў будынак забіралі байцы АМАПу. Інцыдэнты працягваліся і ў самой "Мінск-Арэне", куды некаторым гледачам удалося пранесці сцягі.

Як інфармуе БелаПАН, намеснік генеральнага дырэктара спарткомплекса "Мінск-Арэна" Мікалай Сергіенка заявіў, што ў іх забаронена правядзенне мітынгаў ці маніфестацый: "Калі б у гледачоў былі сцягі іншых дзяржаваў, маглі б адбыцца розныя палітычныя акцыі". Але сцягі ахова прапаноўвала здаць у камеру захоўвання, кажа Сергіенка.

Высветлілася, што адміністрацыя "Мінск-Арэны" ўзгадняла з украінскім гуртом, каб яны "не спявалі пэўныя песні". І рабілася гэта, каб "не нагнятаць" сітуацыю ў зале, заявіў намеснік гендырэктара спарткомплекса.

БелаПАН паведамляе, што рашэнне не дапускаць з'яўлення на "Мінск-Арэне" ўкраінскіх сцягоў было прынята ўпраўленнем унутраных спраў Мінгарвыканкама.

Дарэчы, як інфармуе прэс-служба аргкамітэта па стварэнні БХД, Марына Хоміч, Ксенія Лапская і Вікторыя Радзіеўская падалі скаргу ў РАУС і пракуратуру Цэнтральнага раёну Мінска, "Мінск-Арэну" і амбасаду Украіны ў Беларусі ў сувязі з канфіскацыяй украінскіх сцягоў на канцэрце гурта "Океан Ельзи".