Адзін украінец-кантрабандыст вёз у Беларусь 14 мяхоў сала, іншы — царскія грошы
Уначы ўкраінскія памежнікі з Луцкага атрада затрымалі мужчыну, які на возе спрабаваў незаконна завезці ў Беларусь 14 мяхоў сала і 2 мяхі з трыкатажам. Падчас затрымання ўкраінец кінуўся наўцёкі, але быў затрыманы. Дакументаў пры ім не было.
Паколькі было падазрэнне, што ў затрыманага могуць быць памочнікі, украінскія памежнікі праінфармавалі пра здарэнне сваіх беларускіх калегаў, інфармуе Дзяржаўная памежная служба Украіны.
У Ровенскай вобласці ўкраінскія памежнікі супольна з супрацоўнікамі СБУ затрымалі 32-гадовага мужчыну, грамадзяніна Украіны. Ён спрабаваў пешшу перайсці ў Беларусь праз пункт пропуску "Гарадзішча". У мужчыны знайшлі 150 банкнот часоў царскай Расіі. Цяпер праводзяцца следчыя дзеянні.