Адзіная валюта Беларусі і Расіі з'явіцца на працягу года?

Расія і Беларусь распрацавалі план сумесных дзеянняў па ўвядзенні адзінай валюты — рубля. Пра гэта заявіў памочнік прэзідэнта Расіі Сяргей Прыходзька 3 лютага пасля паседжання Вышэйшага Дзяржсавета саюзнай дзяржавы. Па словах С.Прыходзькі, план разлічаны на адзін год. Аднак пры гэтым ён адзначыў, што не варта загадзя прызначаць тэрміны ўвядзення адзінай валюты.

Нагадаем, што ў афіцыйным паведамленні прэс-службы прэзідэнта Беларусі, распаўсюджаным па выніках паседжання, нічога не гаворыцца наконт таго, ці абмяркоўвалася кіраўнікамі дзяржаваў тэма адзінай валюты.

Ідэя ўвядзення расійскага рубля ў якасці адзінай валюты абмяркоўваецца кіраўніцтвам Расіі і Беларусі ўжо каля 15 гадоў. Планавалася, што з 1 студзеня 2005 года расійскі рубель стане адзіным аплатным сродкам на тэрыторыі дзвюх краінаў, а 1 студзеня 2008 года ў саюзнай дзяржаве будзе ўведзеная адзіная валюта. Гэтыя планы не спраўдзіліся з-за прынцыповых разыходжанняў бакоў па шэрагу пазіцый, у тым ліку па пытаннях стварэння адзінага эмісійнага цэнтра.

Дарэчы, 12 студзеня 2009 года старшыня праўлення Нацбанка Пётр Пракаповіч, адказваючы на пытанні журналістаў пра магчымасць пераходу на расійскі рубель у якасці адзінай валюты, заявіў: гэты працэс зойме як мінімум два-тры гады.

БелаПАН