Адзіным кандыдатам ад апазіцыі будзе Гайдукевіч?

Лідэр Ліберальна-дэмакратычнай патрыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч заявіў Еўрарадыё, што плануе сабраць 1 мільён подпісаў у сваю падтрымку на вылучэнне ў якасці кандыдата ў прэзідэнты. Для гэтага да працы ў сваёй ініцыятыўнай групе ён збіраецца прыцягнуць 4 тысячы чалавек. У той жа час Гайдукевіч не выключае, што яму давядзецца зняцца з выбараў. А ўсё, кажа, з-за таго, што ўсе астатнія прэтэндэнты ў кандыдаты не назбіраюць неабходныя 100 тысяч подпісаў. І ён затсанецца сам на сам з Лукашэнкам.

Сяргей Гайдукевіч: “Я ўвогуле баюся, шчыра вам кажу, што я застануся сам на сам. Бо больш ніхто подпісаў не збярэ. А калі я застануся сам на сам, то тады мне ўжо прачысцяць костачкі ўсе. Толькі лянівы не абзаве мяне ў той сітуацыі, якая будзе. І мне давядзецца здымацца”.

Але калі Еўрарадыё ўдакладніла, ці сапраўды палітык вырашыў для сябе канчаткова пытанне зняцця сваёй кандыдатуры, калі ад пачатку кампаніі да ўдзелу ў выбарах больш ніхто акрамя яго і Лукашэнкі не дойдзе, ён нечакана сказаў, што спадзяецца на патрымку іншых прадстаўнікоў апазіцыі.

Сяргей Гайдукевіч: “Я расказваю пра свае занепакоенні, пра магчымы варыянт, які можа здарыцца. Я проста спадзяюся, што тады ўсе яны мяне падтрымаюць, адкінуўшы свае дурацкія амбіцыі. Калі яны ўвогуле нешта хочуць змяняць у гэтай дзяржаве”.

Але, кажа, што моцна сумняецца, што амбіцыі будуць адрынутыя і апазіцыя яго падтрымае. І горда заявіў, што не спыніцца і будзе адзін рабіць усю працу за астатніх.