"Афганец" Уланаў затрыманы на трое сутак і знаходзіцца на Акрэсціна

57-гадовы ветэран вайны ў Афганістане Канстанцін Уланаў затрыманы на трое сутак і знаходзіцца ў турме на Акрэсціна. Яго падазраюць у датычнасці да крымінальнай справы ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча.
Нагадаем, Уланава 7 ліпеня затрымалі супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю МУС. Яны зрабілі ператрус у яго кватэры і на лецішчы, канфіскавалі легальную паляўнічую стрэльбу і пасведчанне паляўнічага. Вось што распавяла Еўрарадыё жонка "афганца" Таццяна Уланава:

“Забралі і сказалі, што вечарам вернецца дахаты. Дахаты ён не вярнуўся. Ніхто не тэлефануе... Тады я вечарам у сем гадзін сабралася і паехала ў Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю — мне сказалі, што яго туды забіраюць”.

Ніводзін міліцыянт не мог (ці не хацеў) сказаць, дзе знахозіцца памяшканне ўпраўлення, але жанчына самастойна знайшла офіс — вуліца Інтэрнацыянальная, 3, побач з французскай амбасадай. Да Таццяны Уланавай выйшаў оперупаўнаважаны маёр Сакалоў, які напярэдадні рабіў ператрус ва Ўланавых. Спачатку гаварыць з жанчынай адмаўляўся. Аднак жонка затрыманага заявіла, што не сыйдзе, пакуль не атрымае адказу на пытанні: дзе знаходзіцца муж і на якой падставе затрыманы?

Таццяна Ўланава: “Потым яны некуды схадзілі, сказалі, што на тры дні затрымалі. На якой падставе?.. Правяраюць на датычнасць да крымінальнай справы Аўтуховіча”.


Глядзі таксама:

У Ваўкавыску байцамі "Алмазу" затрыманая дырэктарка фірмы “Ніка-таксі 22222”


Воўчак: Затрыманне Парэмскай штурхае праваабаронцаў да большай актыўнасці


Па справе Мікалая Аўтуховіча затрымалі “афганца”