А.Фядута: "Інтэрнэт – гэта маска, якую кожны шукае для сябе"

Вядомы публіцыст Аляксандар Фядута, ЖЖ-карыстальнік feduta (feduta.livejournal.com), вылучаны адразу на дзьве намінацыі: “Бэст-прэс-ЖЖ” ды “Палітыка і піар”, у часе цырымоніі кіраваўся з Мінску ў Кіеў. 15 ліпеня 2007 года а 19-ай гадзіне ў кавярні Рок-Хаўз адбылося ўзнагароджанне першымі прэміямі беларускага сэктару інтэрнэт-супольнасці “Жывы Журнал”.
Свой блог у ЖЖ сёння не вядзе толькі лянівы. Пра прэмію ЖэЖэбай гэтым летам не піша толькі мёртвы. Сотні прэтэндэнтаў на атрыманне ЖэЖэбая – статуэткі ў выглядзе адзінкі з плюсам, найбольш папулярнага каментарыя пад тэкстамі блогераў – спаборнічалі на працягу трох тыдняў за званне лепшага ў 10 намінацыяй.

Вядомы публіцыст Аляксандар Фядута, ЖЖ-карыстальнік feduta (feduta.livejournal.com), вылучаны адразу на дзьве намінацыі: “Бэст-прэс-ЖЖ” ды “Палітыка і піар”, у часе цырымоніі кіраваўся з Мінску ў Кіеў.

Напярэдадні ўручэння прэміяў вядоўцы ранішняга нядзельняга шоў “Лабараторыя Ў” на “Еўрарадыё” звязаліся з намінантам.

Дзяніс Дзюба: Сацыёлагі канстатуюць, што сучаснае пакаленне з’яўляецца пакаленнем ЖЖ. Шмат хто апроч свайго сапраўднага жыцця вядзе жыццё ЖЖ-юзэра, а камусьці часу на нармальнае жыццё з-за ЖЖ папросту бракуе. Паводле вашых назіранняў, кім з’яўляецца беларускі ЖЖ-ыст?

Аляксандр Фядута: Гэта малады чалавек, якому трэба тлумачыць усё, акрамя кампутараў, чалавек, чыё свядомае жыццё пачынаецца з інтэрнэту: ў інтэрнэце ён знаходзіць сваіх сяброў, альбо ён ідзе ў інтэрнэт за сваімі рэальнымі сябрамі. Абавязкова гэты чалавек адчувае сябе вольным і цікава назіраць, як ён паводзіць сябе ў інтэрнэце – без кайданкоў і ланцугоў. Гэта вельмі цікавы чалавек.

Дзяніс Васількоў: Спадар Аляксандр, як Вы ставіцеся да таго, што Вас чытае шмат моладзі і Вы з’яўляецеся сапраўдным аўтарытэтам для іх?

Аляксандр Фядута: Перш за ўсё, я толькі ад Вас даведваюся, што я з’яўляюся сапраўдным аўтарытэтам для моладзі. Я паспрабаваў прыйсці ў ЖЖ менавіта па тое, каб адчуць менавіта гэтую аўдыторыю, менавіта маладых чытачоў. І не заўжды я разумею тых, з кім, як кажуць мае ўкраінскія стужкафрэнды, “спілкуюся” ў інтэрнэце. Напрыклад, мой стужкафрэнд zelanton рабіў на мяне ўражанне чалавека вельмі сталага і сур’ёзнага, а потым атрымалася, што гэта зусім малады чалавек. Інтэрнэт – гэта маска, якую кожны шукае для сябе. І нават калі мой юзэрнік супадае з маім сапраўдным прозвішчам, гэта зусім не азначае, што юзэр feduta і сапраўдны Фядута – аднолькавыя. Тое ж самае і тымі маладымі людзьмі, з якімі я “спілкуюся” ў інтэрнэце: я ня ведаю, дзе яны сапраўдныя, а дзе пачынаецца тая маска, якую яны апранулі.

Дзяніс Дзюба: Усе ведаюць, што Фядута ня можа не пісаць, а ці можа Фядута не чытаць? Ці чытаеце Вы сваю стужку сяброў?

Аляксандр Фядута: Мае фрэнды ведаюць, што я чытаю ўсю стужку сяброў ад моманту, калі заходжу ў інтэрнэт і да таго паста майго фрэнда, які я чытаў учора. Усю фрэндстужку я прагортваю – гэта абавязкова.

Дзяніс Дзюба: Колькі часу ў дзень вы аддаеце на Жывы Журнал?

Аляксандр Фядута: Дзве гадзіны.

Дзяніс Васількоў: Як ставіцеся да прэміі “ЖЖ-бай”?

Аляксандр Фядута: Мы самастойная краіна, самастойны народ, і ўсё ў нас павінна быць уласным. І ЖЖ-прэмія ў нас павінна быць уласнай. Яна можа быць смешная, можа быць болей альбо меней цікавая, больш-менш “цяжкая” ў сэнсе фінансавага напаўнення, але гэта павінна быць нашая, беларуская, уласная прэмія. Хутчэй за ўсё, я не атрымаю ніякай прэміі, як слушна казала мая жонка, і я пісаў пра гэта. Але мы ўсе, – маю на ўвазе беларускіх ЖЖ-юзэраў, – павінныя былі піярыць гэтую прэмію дзеля таго, каб яна стала грамадcкай з’явай, каб у наступны раз яна была лепшай, больш прадуманай, больш цікавай для грамадскасці.

P.S. Як сам і насурочыў, Аляксандр Фядута не атрымаў першай беларускай ЖЖ-прэміі ні ў воднай намінацыі.

P.P.S. У Хуткім часе на сайце Еўрарадыё падрабязная справаздача з уручэння першай беларускай ЖЖ-прэміі (у тым ліку відэа і фота-справаздачы).