Агітаваць і збіраць подпісы на мясцовых выбарах будзе прасцей

Цэнтральная выбарчая камісія прапануе спрасціць некаторыя працэдуры, датычныя мясцовых выбараў. Гэтак, чыноўнікі абяцаюць кандыдатам у дэпутаты палёгкі ў агітацыі і зборы подпісаў. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік. Мікалай Лазавік: “Асноўнае, чаго датычыцца, — гэта аблягчэнне, лібералізацыя, змякчэнне, так скажам, тэхналагічных чыста момантаў вылучэння кандыдатаў у дэпутаты, лібералізацыя агітацыйнай кампаніі. Прадугледжаныя канкрэтныя меры па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты — то бок збору подпісаў. Менш там плануецца нейкіх бюракратычных працэдур завярэння гэтых подпісаў”.

Наступныя мясцовыя выбары прызначаныя на красавік 2010 года і будуць папярэднічаць чарговым выбарам прэзідэнта краіны. Айчынныя і замежныя эксперты ўжо сёння разглядаюць іх як тэст для афіцыйнага Мінску да гатоўнасці да далейшай дэмакратызацыі беларускага грамадства.