Агучаныя прычыны выбуху на спіртзаводзе ў Лынтупах (фота)
Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы, распачатай па факце здарэння, якое адбылося ў сакавіку 2013 года.
Высветлілася, што дырэктар прадпрыемства сумесна з галоўным інжынерам-энергетыкам "дапусцілі да эксплуатацыі абсталяванне, якое не адпавядала нармальтыўным патрабаванням". Такім чынам, яны "парушылі правілы вытворча-тэхнічнай дысцыпліны і прамысловай бяспекі на выбуханебяспечным аб'екце прадпрыемства", адзначае Следчы камітэт.
Дзеянні службовых асоб кваліфікавалі па двух артыкулах: згаданае парушэнне правілаў дысцыпліны і бяспекі ды службовая халатнасць. Наступствам дзейнасці дырэктара і інжынера-энергетыка стала траплянне метана-паветранай сумесі ў электрашчытавую аднаго з цэхаў.
Адбылося ўзгаранне сумесі і выбух, загінуў адзін чалавек, а яшчэ чатыры атрымалі цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці. Пасля выбуху пачаўся пажар. Лынтупскаму спіртзаводу былі нанесеныя страты на суму больш за 3 млрд рублёў.
Як інфармуе БЕЛТА, крымінальная справа распачатая і ў адносінах галоўнага эксперта Віцебскага абласнога ўпраўлення Дзяржпрамнагляду. Незадоўга да выбуху ён мусіў правесці экспертызу спіртзавода на адпаведнасць патрабаванням прамысловай бяспекі, але не паехаў — зрабіў фіктыўнае экспертнае заключэнне пра тое, што ўсё ў парадку.
Накладзены арышт на маёмасць абвінавачаных на суму больш за 400 млн рублёў.
