А.Хадановіч: Чалавеку амаль не застаецца часу спакойна пачытаць кнігу

Напярэдадні вялікай прэзентацыі дзвюх апошніх кніг Андрэя Хадановіча, аўтар распавёў нам пра тое, чаго ж чакаць ад паэтычна-музычнай вечарыны, як ён сышоўся з Пукстам, і хто яшчэ возьме ўдзел у перфомансе, якога Беларусь яшчэ не бачыла. 7 лютага а 19.00 на сцэне вялікай залы Дома літаратара адбудзецца вялікая паэтычна-музычная акцыя-прэзентацыя дзвюх маіх кніжак – папяровай “Бэрлібры” і аўдыёкнігі “Абменнік”. Гэта кампакт-дыск з запісамі вершаў і перакладаў у музычным афармленні. Мне шчасціць на таленавітых людзей, якіх удаецца запрасіць і з якімі ўдаецца пасупрацоўнічаць.

7-га чысла ў межах гэтай акцыі, між іншага, адбудзецца міні-акустычны канцэрт Русі і гурта “Індыга”. Таксама выступяць Вера і Віктар Жыбуль, якія даўно ўмеюць і любяць працаваць як паэты з музыкамі. Любімы Сяргей Пукст з Андрэем Хадановічам паспрабуюць прывесці да агульнага назоўніку раяль, голас і вершы і зляпіць з гэтага музычна-паэтычны джэйм-сэйшн.

Get this widget | Track details | eSnips Social DNA


Як сталася, што ты і Пукст знайшлі адзін аднаго?

О! Я чалавек страшна кансерватыўны. Ёсць тут добрыя і дрэнныя бакі. Здалёк пачну... Кожны дурань даўмеецца напісаць верш і назваць яго “Калядны рэп”, напрыклад, але не кожны дурань даўмеецца перастаць чытаць яго як звычайны верш і пачаць рэпаваць. У гэтым сэнсе здорава кантактаваць з маладзейшымі і больш актыўнымі людзьмі, якія хуліганіста прапаноўваюць “а ці не зрабіць вось гэта?” — і ты робіш. Аднойчы вядомы беларускі філосаф-культуролаг, мой добры прыяцель, Максім Жбанкоў прапанаваў мне: маўляў, а чаму б табе, Андрэй, не рабіць штосьці супольнае з Пукстам? Я паслухаў Пукста і крышачку ашалеў, каб не казаць больш эмацыйна, і падумаў: а чаму б і не? Больш за тое, Жбанкоў аказаўся настолькі па-добраму нахабным і настырным, што прапанаваў тое ж самае Пуксту. У рэшце рэшт мы дамовіліся, сустрэліся і раптам высветлілася, што мы абодва баяліся, што мы вельмі эгацэнтрычныя людзі і другі ніколі не падладзіцца пад першага. А потым зразумелі, што няма чаго дзяліць. Адзінае што, я, відаць, у тандэме прайграю, бо я разбіраюся ў музыцы нашмат горш, чым Сяргей Пукст у паэзіі. Пукст сказаў мне: маўляў, Андрэй, адчуваю, што мы з табой будзем нібыта два клоўны. Ты белы, а я рыжы. Ты будзеш нешта рабіць, а я табе буду ўвесь час перашкаджаць. Але гэта будзе гарманічна. Гэта будзе дадавацца адно да другога.

Get this widget | Track details | eSnips Social DNA


А што за аўдыёкнігу ты выдаў?

Толькі лянівы апошнім часам не рабіў мне папрокаў: маўляў, Хадановіча цікава чытаць на паперы, але яшчэ цікавей было б слухаць. Таму я вырашыў пачытаць свае вершы ў аўдыёфармаце — для тых, каму цікавей слухаць. Тым больш, што ў сваім асяроддзі мы выхавалі паэта і гукарэжысёра Дзмітрыя Дзмітрыева, на якім палягае ўся маральная і эстэтычная адказнасць за дыск. Ён выбраў мае вершы, якія былі яму цікавыя, і пераклады з пяці моваў Джона Дона з англійскай, Андруховіча з украінскай, Галчынскага з польскай, і інш. Сабраў усё гэта разам і суправадзіў тэксты сваёй аранжыроўкай. Дыяпазон музычнага суправаджэння — ад класікі да суперсучаснай электроннай музыкі.

Раптам падумалася, што ў нашым жыцці чалавеку ўсё менш застаецца часу выгодна сесці, разгарнуць кнігу і пачытаць яе. Часам у мяне пытаюцца: “А дыскі ў Вас ёсць? Мы б паставілі ў машыне ў плэер”. І ў Беларусі толькі цяпер пачынаюць задумвацца пра аўдыёкнігі. “Абменнік” на сёння — першая і адзіная аўдыёкніга беларускай паэзіі. Калі ўсё добра складзецца, то будуць такія кнігі не толькі ў Хадановіча, але і ў Віці Жыбуля, і ў Джэці, і ў Вальжыны Морт. Гэта пытанне бліжэйшай будучыні.

Get this widget | Track details | eSnips Social DNA


Яшчэ варта сказаць пра тое, як у нас усё ненармальна цяпер з публічнымі чытаннямі, выступамі. Узгадайце, калі апошнім разам штосьці цікавае адбывалася ў Доме літаратара? На жаль, іншыя літаратары, генералы ад літаратуры захапілі тут уладу. Мне давялося пайсці на хітрасць і прыцягваць да супрацоўніцтва Інстытут Гётэ — без яго ўдзелу, вядома, ніякай бы вечарыны не адбылося. А сцэна вельмі добрая, чаму ж не карыстацца?! Калегі кажуць, што нас выганяць, а я кажу: не выганяць, бо мы ідзем разам з Гётэ, а з Гётэ мы — банда, і творым, што хочам. Пагадзіцеся, ані шоўмэн Віктар Жыбуль, ані шоўмэнка Джэці, ані Серж Мінскевіч, ані Марыйка Мартысевіч, ані Дзмітры Дзмітрыеў, ані Андрэй Хадановіч, ані гурты “Індыга”, “Банда”, “Пукст” не злоўжываюць публічнымі акцыямі. Кожны з іх сёння варты такіх асобных вечарын і шырокай аўдыторыі.

Get this widget | Track details | eSnips Social DNA


Шчыра раю прыходзіць нават не на мяне, а на ўвесь гэты кактэйль, ансамбль, парад талентаў, якія будуць тварыць для вас на сцэне. 7-га лютага — злыя языкі кажуць, што гэта з нагоды кітайскага свята Новага года — можаце прыходзіць у адмысловых кітайскіх строях, прыносьце з сабой кітайскія ліхтарыкі ці проста размаляваных папяровых паветраных змеяў. Уладальніку самага прыгожага паветранага змея — кніжка і аўдыёдыск у падарунак!


Фота: Андрэй Лянкевіч