Ахоўнікі крамы "Карона" збілі наведвальніка да пералому шыі (відэа)

Як піша праваабарончы сайт platformarb.com, Аляксандр Вашкевіч са сваім сябрам Дзянісам Локцевым зайшлі ў "Карону" па пакупкі. У гандлёвай зале Локцеў узяў некалькі арэхаў,  што прыцягнула ўвагу ахоўнікаў. Яны чакалі "рабаўніка" на выхадзе каля касы.



Прэтэнзій да Вашкевіча ў ахоўнікаў не было, а Локцеву яны прапанавалі прайсці за імі, без тлумачэння прычын. Вашкевіч не хацеў пакідаць сябра аднаго і пайшоў следам. Гэта не спадабалася ахоўнікам, і яны пачалі збіваць "навязлівага" маладога чалавека.



Па словах Вашкевіча, яго вывалаклі за рукі ў службовае памяшканне за жалезнымі дзвярамі, начапілі кайданкі і сталі групай збіваць, цэлячы ў галаву. У выніку збіцця Вашкевіч атрымаў страсенне мозгу і раны на твары, у яго зламаны асцюкаваты атожылак шостага пазванка шыйнага аддзела пазваночніка.



"Хуткую дапамогу" выклікаў сябра збітага — Локцеў. Да цяперашняга часу Аляксандр Вашкевіч не працаздольны. Наступствы траўмы пазваночніка застануцца ў яго на ўсё жыццё. Тым часам начальнік службы бяспекі "Кароны" заяўляе, што гэта Вашкевіч збіў ахоўнікаў гандлёвага цэнтра.



Аляксандр Вашкевіч накіраваў шэраг заяваў і скарг на дзеянні ахоўнікаў "Кароны" і супрацоўнікаў міліцыі, якія не хацелі везці яго ў міліцыю. У адказ на гэта ўчастковы заявіў, што на маладога чалавека могуць пачаць крымінальную справу за заведама ілжывы данос.



Фота — platformarb.com