Ахвяры выбуху на Абуз-Лясноўскім палігоне па-ранейшаму ў лякарні

Трое з чатырох ахвяраў выбуху, які 15 верасня адбыўся на Абуз-Лясноўскім вайсковым палігоне, дагэтуль знаходзяцца ў лякарні. Стан іх здароўя задавальняючы, заявіў Еўрарадыё прэс-сакратар Міністэрства абароны Вячаслаў Раменчык:
Раменчык: “Тры чалавекі праходзяць вызначаны курс лекавання. Яны атрымалі раненні лёгкай ступені цяжкасці”.

Нагадаем, 15 верасня на Абуз-Лясноўскім палігоне вайскоўцы інжынерна-сапёрнага батальёна 11-й механізаванай брыгады ставілі імітацыйныя зарады на тактычным полі, дзе павінны былі праходзіць стрэльбы. Тады і адбыўся выбух, у выніку якога пацярпелі чацвёра вайскоўцаў. Адзін з іх, 19-гадовы Сяргей Кочык з Брэста, атрымаў цяжкія траўмы і пазней сканаў у мінскай лякарні. 20 верасня яго пахавалі ў Брэсце.