Акцыі салідарнасці прайшлі 16 сакавіка ў Беларусі і па-за яе межамі

Акцыі салідарнасці з палітычнымі вязнямі і сем'ямі зніклых у Беларусі палітыкаў адбыліся 16 сакавіка ў розных гарадах Беларусі. Удзень маладафронтаўцы правялі 20-хвілінную акцыю каля Дома ўраду ў Мінску. Увечары ў цэнтры сталіцы на Кастрычніцкую плошчу сабраліся каля 80 чалавек. Маладыя апазіцыянеры трымалі партрэты палітвязняў — арыштаваных лідэраў прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава, Уладзіміра Асіпенкі, актывіста "Маладога Фронту" Арцёма Дубскага, зніклых у Беларусі лідэраў апазіцыі Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага, журналіста Змітра Завадскага, праваабаронцы Яны Паляковай, якая скончыла жыццё самагубствам, гвалтоўна забраных у войска моладзевых актывістаў Франка Вячоркі, Івана Шылы і Змітра Хведарука, а таксама прысуджаных да абмежавання волі за ўдзел у акцыі пратэсту ўдзельнікаў "Працэсу 14-ці". Акцыя доўжылася каля паўгадзіны і скончылася без затрыманняў.

У Лідзе каля кінатэатра "Юбілейны" маладыя людзі разгарнулі расцяжку з прозвішчамі зніклых палітыкаў і журналіста. Пікет доўжыўся 15 хвілін.

На цэнтральным пляцы Салігорску апазіцыянеры разгарнулі расцяжку са словам "Салідарнасць", а таксама трымалі партрэты Яны Паляковай і запаленыя свечкі. Праз некалькі хвілін на плошчу прыехалі міліцыянты і акцыю прыйшлося спыніць. Ніхто з удзельнікаў мерапрыемства затрыманы не быў.

Таксама беларускія студэнты, якія навучаюцца ў Польшчы па праграме Кастуся Каліноўскага, правялі ў Любліне і Варшаве акцыі салідарнасці з палітвязнямі.

У Любліне ў цэнтры горада быў зладжаны пікет у падтрымку незаконна забраных у войска актывістаў. У Варшаве акцыя салідарнасці адбылася каля беларускай амбасады. Беларусы запалілі свечкі ў памяць аб зніклых апазіцыянерах і ўзнялі бела-чырвона-белы сцяг. Супрацоўнікі амбасады назіралі за моладзевымі актывістамі з вокнаў.

Паводле "Хартыі'97"