Акцыя на Дзень Волі пачнецца каля Акадэміі навук

Як паведаміў БелаПАН намеснік старшыні руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч, у пасяджэнні ўзялі ўдзел прадстаўнікі Партыі БНФ, Аб'яднанай грамадзянскай партыі, аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", "Маладога фронту" (зарэгістраваны ў Чэхіі), кампаній "Гавары праўду!" і "Еўрапейская Беларусь".

Вырашылі, што акцыя пачнецца 25 сакавіка а 18 гадзіне каля Нацыянальнай акадэміі навук. Працягнецца яна шэсцем да сквера Янкі Купалы, дзе мае адбыцца мітынг.

Губарэвіч выказаў сумнеў, што Мінгарвыканкам дасць афіцыйную згоду на заяўлены маршрут акцыі. Разам з тым палітык спадзяецца, што "вялікая колькасць удзельнікаў і перамовы з уладамі дадуць магчымасць правесці мерапрыемства паводле распрацаванага плану".

Асноўныя мэты акцыі — прыцягненне ўвагі да праблемаў палітзняволеных, барацьбы з іншадумствам і незалежнасці краіны.