Акцыя салідарнасці на Кастрычніцкай плошчы закончылася затрыманнямі

У 20 гадзін прыкладна 10 чалавек прыйшлі на плошчу, каб выказаць салідарнасць з затрыманымі 19 снежня, а таксама свой пратэст супраць інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, якая адбылася ў пятніцу ў размешчаным на плошчы Палацы Рэспублікі, паведамляе БелаПАН.

Прысутныя выставілі на тратуары свечкі ў форме лічбы 19. Адзін з актывістаў грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Максім Вінярскі заявіў, што будзе кіравацца толькі Канстытуцыяй, якая дазваляе свабоду сходаў і выказвання меркаванняў.

Прыкладна праз 20 хвілін пасля пачатку акцыі прыехаў аўтобус са спецназам. Пяць удзельнікаў акцыі пагрузілі ў аўтобус і павезлі, як мяркуецца, ва УУС Цэнтральнага раёна.

Перад пачаткам акцыі і падчас яе на Кастрычніцкай плошчы назіралася вялікая колькасць супрацоўнікаў спецслужбаў у цывільным. Працы журналістаў яны не перашкаджалі. Прысутнічала таксама інфармацыйная група ГУУС Мінгарвыканкама.