Аклады журналістаў беларускага тэлебачання падвысіліся ў два разы

Дзяржава ўзмацніла падтрымку сваіх тэлевізійных ідэолагаў. Сяргей Сідорскій падпісаў пастанову, паводле якой больш чым у два разы павялічваюцца службовыя аклады супрацоўнікаў і кіраўнікоў арганізацый, што ўваходзяць у сістэму Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, ЗАТ "Другі нацыянальны тэлеканал" і ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне". Паводле беларускага заканадаўства, камерцыйныя арганізацыі дзяржаўнай формы ўласнасці і з доляй уласнасці дзяржавы ў іх маёмасці не маюць права ўсталёўваць у сябе ў арганізацыі тарыфную стаўку першага разраду вышэй за адпаведны лімітавы нарматыў. Гэты нарматыў адпавядае бюджэту пражытачнага мінімуму для працаздольнага насельніцтва.

Службовыя аклады працаўнікоў адпаведных арганізацый разлічваюцца, сыходзячы з тарыфнай стаўкі першага разраду ў адпаведнасці з Адзінай тарыфнай сеткай. Прэміяльныя таксама залежаць ад памеру службовага акладу і маюць адпаведныя абмежаванні, якія ўсталёўваюцца ў адсотках ад акладу.

Аднак для некаторых арганізацый урад зрабіў выключэнне, усталяваўшы для іх падвышаны каэфіцыент базавага лімітавага нарматыва. Да нядаўняга часу такіх прадпрыемстваў было толькі 13 - у асноўным гэта былі тыя арганізацыі, якія прыносілі дзяржаве прыбытак. Так, напрыклад, каэфіцыент 2,0 мае РУП "Беларускі металургічны завод", што дае яму права ўсталёўваць аклады ў два разы большыя, чым на іншых дзяржпрадпрыемствах.

Беларускія тэлеканалы раней не мелі аніякіх прывілеяў адносна службовых акладаў супрацоўнікаў, што не дзіўна, улічваючы, што гэтыя арганізацыі фінансуюцца з бюджэту. Але з жніўня сітуацыя зменіцца. Паводле пастановы Саўміна, зараз для гэтых арганізацый усталяваны каэфіцыент 2,2, што фактычна азначае павелічэнне службовых акладаў у два разы. Пры гэтым для кіраўнікоў дадзеных арганізацый знятыя абмежаванні ў налічэнні прэміяльных.

Фактычна тэлевізійнікі зараз будуць мець адзін з самых высокіх каэфіцыентаў краіне, саступаючы толькі ЗАТ "Белтэхэкспарт" (2,6), якое з'яўляецца самой вядомай у Беларусі структурай, што спецыялізуецца на экспарце і імпарце ўзбраення і ваеннай тэхнікі.

"Ежедневник"