Актывіст апазіцыі з Клецка просіць палітычнага прытулку ў Польшчы

Палітычнага прытулку ў Польшчы папрасіў актывіст апазіцыі з Клецка 58-гадовы Сяргей Панамароў. 23 жніўня меў пачацца крымінальны працэс і да суда ён мусіў знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. Паводле следства, Панамароў сваімі артыкуламі ў выдаваным ім бюлетэні "Бойкі Клецк" нанёс абразы пяці клецкім чыноўнікам, у тым ліку старшыні мясцовага райвыканкама.

Як паведамляе "Наша ніва", цяпер Сяргей Панамароў знаходзіцца ў лагеры для ўцекачоў. У Польшчу ён прыехаў праз Расію і Ўкраіну. Актывіст кажа, што плануе знайсці працу ў Польшчы ды спадзяецца працягваць грамадска-палітычную дзейнасць.