Актывіст Партыі БНФ Зміцер Шыманскі падаў у суд на БТ

Кіраўнік брэсцкай філіі Партыі БНФ Зміцер Шыманскі накіраваў у суд Першамайскага раёна Мінску пазоў да Першага канала Беларускага тэлебачання. Ён змагаецца за абарону свайго гонару і годнасці. Пазоў Шыманскага змяшчае тры патрабаванні. Па-першае, ён просіць суд прызнаць інфармацыю, паказаную тэлеканалам, неадпаведнай рэчаіснасці і абразлівай для яго гонару і дзелавой рэпутацыі. Па-другое, ён хоча забавязаць Белтэлерадыёкампанію абвергнуць абразлівыя выказванні ў свой адрас. Па-трэцяе, Шыманскі хоча спагнаць з адказчыка ў якасці кампенсавання маральнай шкоды 3 млн 659 тыс. 340 беларускіх рублёў.

Нагадаем, што 29 траўня Першы канал паказаў сюжэт, у якім пасольства ЗША вінаваціцца ў фінансаванні беларускай апазіцыі. Па звестках тэлеканала, ЗША фінансуюць апазіцыю па праграме малых грантаў. У якасці доказаў у сюжэце прыводзіліся кадры аператыўнай здымкі допытаў З.Шыманскага і Міхаіла Козела, якія нібы пацвердзілі атрыманне грошай ад пасольства ЗША.

БелаПАН