Актывіст патрабуе вярнуць ахвяраванні на помнік ў гонар 1000-годдзя Брэста

Вярнуць ахвяраваныя сродкі на помнік ў гонар 1000-годдзя Брэста патрабуе актывіст руху "За Свабоду" Сяргей Вакуленка. Адпаведную іскавую заяву ён накіраваў у суд Ленінскага раёна Брэста. Падобны крок тлумачыцца ўнясеннем у помнік прынцыповых зменаў, якія маюць для Вакуленкі прынцыповае значэнне. У прыватнасці, з манументальнай скульптуры выключаныя бронзавыя постаці знакавых, паводле меркавання актывіста, для гісторыі горада асоб: Апанаса Брэсцкага і вялікага князя літоўскага і караля польскага Ягайлы, які выдаў Бярэсцю грамату на гарадское самакіраванне.

Актывіст сцвярджае, што мясцовыя ўлады ўводзяць у зман людзей, бо яны здаюць грошы на першапачатковы варыянт помніка, а плануецца ўсталяванне іншага, ухваленага ў студзені 2009 года аблвыканкамам, адзначае БелаПАН.