Алея Сяброўства Беларусі і Кітая складаецца з трох дрэваў

На працягу трох дзён у Віцебску праходзіць маладзёжны фестываль “Беларусь-Кітай”. Днямі за плотам адной з школ горада на Дзвіне раскінулася Алея Сяброўства паміж двума краінамі. Падрабязнасці ў рэпартажы Ядвігі Сташэўскай.

“У гэтым годзе ўпершыню акрамя афіцыных асоб ды кітайскіх студэнтаў, якія навучаюцца ў Віцебску, на фестываль прыехала дэлегацыя кітайскіх школьнікаў з горада Цзінань. У межах фестывалю у Віцебску адчынілася выстава кітайскіх іерогліфаў, прайшлі творчыя і спартыўныя конкурсы, канцэрты, свята сапраўдных кітайскіх паветраных змеяў.

 

На тэрыторыі адной з віцебскіх школ пасадзілі алею беларуска-кітайскай дружбы з трох бярозак. Адно дрэўца пасадзілі беларускія школьнікі, другое – кітайскія, а трэцяе “нашы” і “іхнія” студэнты разам.

 

У ліпені пяцёра віцебскіх школьнікаў паедуць у Цзінань. Туды яны павязуць выставу малюнкаў беларускіх дзяцей, адтуль прывязуць малюнкі юных кітайцаў.

 

Ядвіга Сташэўская, Еўрарадыё, Віцебск”.