Аляксандр Белы сыходзіць з кіраўніцтва хакейнага клуба "Дынама"

Генеральны дырэктар хакейнага клуба "Дынама" (Мінск) Аляксандр Белы складае свае паўнамоцтвы. Імя новага генеральнага дырэктара клуба будзе абвешчанае пасля абеду. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў прэс-сакратар клуба Мікіта Беражкоў. Беражкоў: Пасля абеду стане вядома, пакуль нам нікога не прадставілі.

Па словах прэс-сакратара, спадар Белы не застанецца на ніводнай пасадзе ў клубе. Як раней паведамляла Еўрарадыё, новым генеральным менэджарам клуба можа стаць Сяргей Каткоў з тальяцінскай "Лады".

У сваім звароце на сайце "Дынама" былы генеральны дырэктар заявіў: "Права кожнага кіраўніка набіраць сабе каманду аднадумцаў, ніякіх крыўдаў няма. Тым больш задача на сезон не выкананая. Вялікі дзякуй ранейшаму кіраўніцтву клуба за аказаны мне давер, на такім узроўні, як КХЛ, працаваць было вельмі ганарова. Заўзятарам нізкі паклон за іх цярплівасць і адданасць. Упэўнены, што ў наступным у клуба ўсё атрымаецца".