Аляксей Грышын стане тварам Беларусі на сёлетнім Еўрабачанні

Пра тое, за каго беларусы прагаласавалі на Еўрабачанні, аматарам еўрапейскіх песень з іншых краін распавядзе алімпійскі чэмпіён Аляксей Грышын. Пра гэта паведамляе “Комсомольская правда в Белоруссии”.  Так, адмовіўшыся ад кастынгаў, вырашыла дырэкцыя Першага канала. Тэлевізійнікі параілі Грышыну апрануцца ў што-небудзь дэмакратычнае.

Верагодна, адной з прычын, па якой спартоўца абралі для абвяшчэння вынікаў галасавання, стала вольнае валоданне англійскай мовай. Як прызнаўся чэмпіён Камсамолцы, англійскай ён валодае дасканала яшчэ са школы, а тое, што шмат ездзіў па свеце, добра адбілася на вымаўленні.

Аб'яўляць вынікі галасавання Аляксей Грышын будзе ў фінале конкурсу - 29 траўня.

Нагадаем, 25, 27 і 29 траўня ў Осла пройдзе конкурс Еўрабачанне-2010. Сёлета Беларусь адправіла на Еўрабачанне гурт 3+2, з песняй расійскага кампазітара Макса Фадеева “Butterflies” і грузавік з прома-матэрыяламі, сярод якіх гарэлка, зефір, духі і многае іншае.

Фота:champ.by