Аматараў кіно грып не палохае, а ў рэстарацыі мінчукі пачалі хадзіць менш

А іх супрацоўнікі ядуць часнык, выпіваюць па 50 грам гарэлкі і прасуюць ватна-марлевыя павязкі.
Для большасці мінчукоў натоўп моладзі ля цэнтральнага "Макдоналдса" стаўся звыклай з’явай. Ды і ўсярэдзіне рэстарану лішняга месца ніколі не было. У гадзіну пік — чэргі да касаў, а вольнага століку проста не знайсці. Але апошнія 3-4 дні сітуацыя цалкам змянілася. Чэргаў няма, касы вольныя, столік — выбірай які хочаш. І ўсяму віною — эпідэмія грыпу.
Украінскі прыклад так напалохаў беларусаў, што нават есці ў грамадскіх месцах мы сталі радзей.

Еўрарадыё абтэлефанавала шэраг беларускіх рэстарацыяў, каб даведацца, ці зменшыўся да іх наплыў людзей.

"Апошнія два дні — так, панядзелак і аўторак. Не буду казаць на колькі, але меней", — кажа супрацоўніца рэстарацыі “Печкі-лавачкі”

Прыкладна такі ж адказ мы атрымалі ў большасці іншых мінскіх месцаў. Супрацоўнікі гэтых рэстарацыяў таксама баяцца грыпу і, каб засцерагчыся перад хваробаю, выкарыстоўваюць розныя метады.

“Носяцца маскі, прымаецца гарэлачка — кожную раніцу па 50 грам. Гэта рэстаран-свята, тут заўжды весела”, — гаворыць супрацоўніца "Іспанскага Кутку".

У піцэрыі "Zio Pepe" рэцэпт маюць іншы, затое, паводле слоў супрацоўнікаў, таксама дзейсны.

“Мы вітаміны, садавіну стараемся, гарбату з лімончыкам перыядычна п’ем.
Прыбіраемся, часцей праветрываем”.

Дарэчы, праветрыванне і частае прыбіранне з дызінфекцыяй — адзін з найбольш надзейных і распаўсюджаных спосабаў прафілактыкі хваробы, які разам з выкарыстаннем ватна-марлевых павязак з большага і ўжываецца ў нашых рэстарацыях.

“Усе працаўнікі ходзяць у масках, дызінфікуецца ўсё часцей, напрыклад, ручкі дзвярэй у нас у падсобках і ў зале для наведвальнікаў. Графікі праветрывання існуюць”, — кажа нам супрацоўнік "Макдональдсу" на Дзяржынскага.

Падобныя меры абралі для сябе і ў "Санча-Панса": мыюць рукі, робяць дэзінфекцыі і выкарыстоўваюць ватна-марлевыя павязкі. Праўда, павязкі дасталіся тут толькі тым, хто непасрэдна кантактуе з наведвальнікамі, а астатнім супрацоўнікам іх проста не хапіла.
 
“Выбарачна носяць. Напрыклад, тыя супрацоўнікі, якія на кухні і ў зал не выходзяць, — навошта ж ім павязкі? Павязкі такія: нам сказалі, што іх тэрмін дзеяння 4 гадзіны, а пасля іх трэба мяняць. Вось учора я прайшла тры аптэкі і нідзе не было павязак. Мы адпрасавалі тыя старыя, каб хоць нейкі эфект быў трошкі”.

Затое, у адрозненне ад рэстарацыяў, мінскія кіно функцыянуюць, як і раней, і ніякія хваробы не могуць адбіць ахвоту аматараў фільмаў паглядзець чарговую навінку, кажа дырэктар мінскага Кінавідэапракату Васіль Коктыш.

“Цяжка сказаць, бо ў панядзелак заўжды спад пасля выходных, але на выходных спаду не было, былі поўныя залы. Можа быць, хворыя людзі проста не ходзяць у кінатэатр”.

Праўда, кажа спадар Коктыш, да эпідэміі на ўсялякі выпадак яны падрыхтаваліся:

“У кінатэатрах ёсць, мы закупілі загадзя і яшчэ некаторыя дакупяць ватна-марлевыя павязкі.”
 

Фота: http://a.img.com.ua/img/gallery/g1/97/117075944203.jpg