Амбасада Арменіі ў Грузіі будзе аказваць дапамогу беларускім грамадзянам

Амбасада Арменіі ў Грузіі пры неабходнасці будзе аказваць дапамогу ў абароне правоў і інтарэсаў беларускіх грамадзян, калі яны трапяць у надзвычайныя сітуацыі на тэрыторыі Грузіі. Як паведамляе БелаПАН, адпаведная дамоўленасць дасягнутая паміж міністэрствамі замежных справаў Беларусі і Арменіі.

Акрамя таго, пры неабходнасці беларускія грамадзяне змогуць звярнуцца па дапамогу ў генеральнае консульства Рэспублікі Арменія ў Батумі (Абхазія).

Нагадаем, у чэрвені 2009 года МЗС Беларусі распаўсюдзіў паведамленне, у якім заклікаў беларускіх грамадзян звярнуць увагу на асаблівасці наведвання Абхазіі і Паўднёвай Асеціі ў сувязі з палажэннямі грузінскага заканадаўства. Прыезд замежнікаў у Абхазію і Паўднёвую Асецію дапускаецца выключна з напрамкаў Зугдзідскага і Гарыйскага муніцыпалітэтаў. Прыезд у Абхазію і Паўднёвую Асецію з усіх іншых напрамкаў без спецыяльнага дазволу грузінскіх уладаў забараняецца і караецца ў адпаведнасці з Крымінальным кодэксам Грузіі.

Як паведамлялася раней, вядома як мінімум пра двух грамадзянаў Беларусі, у якіх з'явіліся праблемы пры ўездзе ў Грузію з-за таго, што раней яны наведвалі Абхазію без спецыяльнага дазволу.