Амбасада: Дэлегацыя Беларусі мае ўсе паўнамоцтвы для перамоваў з Расіяй

Дэлегацыя Беларусі, якая знаходзіцца ў Маскве для перамоваў па пастаўках малака, мае ўсе неабходныя для гэтага паўнамоцтвы. Пра гэта РІА "Новости" паведаміла 16 чэрвеня амбасада Беларусі ў Маскве. Такая заява прагучала ў аадказ на намер расійскага боку ўзяць тайм-аўт на перамовах з Беларуссю.

Па словах супрацоўніка амбасады, у Маскве прысутнічае афіцыйная дэлегацыя, упаўнаважаная ад імя ўрада Рэспублікі Беларусь праводзіць перамовы, у яе ёсць усе паўнамоцтвы.

Нагадаем: у аўторак галоўны дзяржаўны санітарны лекар Расіі Генадзь Анішчанка заявіў, што Расія бярэ тайм-аўт у перамовах з Беларуссю для ўдакладнення пазіцыі афіцыйнага Мінску. Па ягоных словах, публічныя каментары службовых асоб Беларусі, якія цытуюцца ў беларускай прэсе, далі падставы сумнявацца ў тым, што дамоўленасці з беларускай дэлегацыяй супадаюць з пазіцыяй кіраўніцтва Беларусі.