Амерыканскія навукоўцы распрацавалі прыладу, якая чытае думкі карыстальніка
Амерыканскія навукоўцы з Масачусецкага тэхналагічнага інстытута распрацавалі новы камп'ютарны інтэрфейс. Яго рэвалюцыйнасць палягае ў тым, што прылада дазваляе карыстацца камп'ютарамі без ужывання рук ці голасу, піша sciencealert.com.
Інтэрфейс атрымаў назву AlterEgo. Ён складаецца з пераноснай гарнітуры, якая надзяваецца на вуха і сківіцу карыстальніка, і вылічальнай сістэмы апрацоўкі даных для генерацыі адказу. Прылада заснаваная на разумовым прагаворванні тэксту. Калі чалавек уяўляе якое-небудзь слова, мозг пасылае сігналы ў мышцы твару і горла, каб падрыхтаваць органы чалавека для вымаўлення гэтага слова. AlterEgo чытае гэтыя сігналы і выконвае адпаведныя каманды. Адказ ад машыны чалавек атрымлівае праз навушнікі касцявой праводнасці з дапамогай сэрвісаў Google або Apple Siri.
Падкрэсліваецца, што апарат патрабуе наладжвання асобна для кожнага карыстальніка. У прататыпе выкарыстоўваюцца задачы з абмежаванымі слоўнікамі — па 20 словаў кожная (напрыклад, гульня ў шахматы або рашэнне арыфметычнай задачы).
Дакладнасць счытвання сігналаў на цяперашні час складае каля 92%. Палепшыць дакладнасць распазнавання сігналаў распрацоўшчыкі мяркуюць падчас рэгулярнага выкарыстання прылады.