Андрэй Касціцын закінуў першую шайбу ў сезоне, але яго каманду разграмілі

Беларускі форвард Андрэй Касціцын, які выступае ў клубе НХЛ "Манрэаль", у большасці закінуў шайбу ў вароты "Ванкувера", але яго каманда прайграла з лікам 1:7. Гэта яго першая шайба ў новым сезоне. Малодшы з братоў Касціцыных Сяргей, які з-за канфлікту з галоўным трэнерам "Манрэаля" Жакам Мартэнам, быў сасланы ў фарм-клуб, свой першы матч у АХЛ за "Гамільтан Бульбогс" правядзе 9 кастрычніка, паведамляе БЕЛТА.

Лідэрам "беларускага дэсанту" у цяперашнім чэмпіянаце НХЛ з'яўляецца 25-гадовы форвард "Таронта" Міхаіл Грабоўскі. У трох паядынках ён закінуў адну шайбу і зрабіў дзве галявых перадачы.